Вайна і мір Франца і Надзеі Кандрацьевых

Падарожныя нататкі з партызанскага краю

Просмотры: 234

Завадчане, якія супрацоўнічалі з «Веснікам Нафтана», маглі заўважыць, што работа журналістаў бывае далёкай ад кабінетнай цішы. Мы пайшлі яшчэ далей: адзначылі нядаўняе 75­-годдзе Вялікай Перамогі краязнаўчай экспедыцыяй на партызанскую Расоншчыну. Там сустрэліся з добрымі людзьмі, даведаліся пра мінулае краю і неспадзявана пазнаёміліся з бацькамі ветэрана-­нафтанаўца.

Франц Францавіч і Надзея Антонаўна Кандрацьевы

Летась і сёлета Беларусь адзначыла вялікія даты. Мы шмат пісалі з гэтай нагоды. Але хацелася і расказаць пра людзей, што на ўласным лёсе адчулі вогненнае ліхалецце, і таксама наведаць мясціны, дзе здзяйсняла свае подзвігі пакаленне пераможцаў. Дзякуючы супрацоўніцтву з кафедрай гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і асабіста яе загадчыкам, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Алесяй Корсак, у нас атрымалася здзейсніць сваю творчую мару.

Памяць пра партызаншчыну

Прафесійныя гісторыкі параілі нам завітаць у вёску Янкавічы Расонскага раёна. Знаёмства с Францам і Надзеяй Кандрацьевымі аказалася вельмі плённым. Яны не былі на фронце, не пускалі пад адхон варожыя цягнікі. Калі пачалася вайна, ім было толькі па 13 гадоў. Але ўбачанае і зведанае імі нельга забыць.

– Брата немцы забілі яшчэ да парцізаншчыны, — дзеліцца горкай праўдай Франц Францавіч. — Не павёз ім хлеб. Конь быў храмы. Бургамістр пазваніў. Прыехалі, забралі брата і яшчэ аднаго нашага, Міраненку. I ўсё, больш іх не бачылі.

Але вясной 1942-га сталі прабівацца першыя промні надзеі. У красавіку ў Клясціцах пачаў дзейнічаць партызанскі атрад «Дубняк» Пятра Машэрава. Потым народныя мсціўцы разграмілі варожыя гарнізоны ў Сакалішчы і Сяляўшчыне. У верасні 1942-га вызвалілі Расоны. Раённы цэнтр ператварыўся ў сталіцу вялікай партызанскай зоны.

Франц Кандрацьеў

– У нас стаяў атрад Шынкарова, — узгадвае старажыл. — У Сяляўшчыне зрабілі аэрадром. Самалёт прылятаў з баепрыпасамі. Мы потым іх развозілі. Ездзілі для парцізанаў прадукты загатаўлялі. Я раненых дастаўляў к самалёту. Iх адпраўлялі на Бальшую зямлю. После вайны жонка аднаго прыслаўшы пісьмо з Масквы, каб паблагадарыць мяне, сказаць, што мужык яе паправіўся.

З партызанскай зоны з Грыбова, роднай вёскі Франца Кандрацьева, за лінію фронта ў Чырвоную Армію пераправілі 20 чалавек. Толькі двое вярнуліся дадому пасля вайны. Сярод тых васямнаццаці быў брат Франца Францавіча — прапаў без вестак пад Вялікімі Лукамі.

Надзея Кандрацьева

Гітлераўцы час ад часу вярталіся. Забівалі, забіралі людзей на прымусовыя працы. Вяскоўцы хаваліся ад няпрошаных гасцей на балоце. Не ўсім шчасціла. Родныя Надзеі Антонаўны былі вымушаныя працаваць на гаспадара ў Літве. Але сустрэчы з карнікамі неслі смерць…

 Паўночнабеларуская сястра Хатыні

– Перад Клясціцамі была дзярэўня Велле, — працягвае Франц Францавіч. — Там немцы людзей папалілі. Толькі адна дзяўчына недзе ў лесе ха­дзіла. Матку яе спалілі, сям’ю спалілі. Яна адна засталася. Там, у Веллі і памятнік ёсць.

Помнік жыхарам Велля

Выпраўляючыся ў экспедыцыю, мы ведалі пра лёс гэтай вёскі. Узімку 1943-га раз’юшаныя захопнікі разгарнулі на тэрыторыі Расонскага, Асвейскага, Дрысенскага і Полацкага раёнаў карную аперацыю «Заяц-бяляк». Тады на Расоншчыне гітлераўцы цалкам знішчылі Ваўкова, Гарэлую Яму, Гуйды, Плiгаўкі, Ражнова, Кушаватае, Ніўе і Папялкі, забілі іх жыхароў. Гэтыя вёскі так ніколі і не адрадзіліся. У Веллі дзікунства нацыстаў праявілася з яшчэ больш жахлівай сілай: 74 чалавекі — дарослыя і дзеці — былі спаленыя жыўцом.

Прайшло больш за 20 год. Кіраўнік савецкай Беларусі Пётр Машэраў наведваў Расоншчыну, дзе праходзіла яго гераічная партызанская маладосць. Узгадаўшы пра Велле, многіх жыхароў якога ён ведаў асабіста, Пётр Міронавіч папрасіў падрыхтаваць праект помніка, каб захаваць памяць пра гэтую вёску і сотні іншых, што падзялілі яе лёс. Менавіта так нарадзілася ідэя стварэння мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Мемарыяльная пліта на месцы спаленай вёскі Велле

Трыццаць дадатковых кіламетраў для журналістаў «Веснiка Нафтана» — не адлегласць. I вось мы стаім паміж залацістых палёў і маляўнічых балот, там, дзе некалі было Велле. Гэтае месца ляжыць далёка ад турыстычных маршрутаў і, на жаль, мала вядомае нават на Віцебшчыне. Але, як і паўсюль на беларускай зямлі, адзін з велічных сімвалаў нашай вечнай памяці і смутку добра дагледжаны. Невялікі гранітны помнік на кургане пры дарозе Расоны–Клясціцы, пліты з імёнамі памерлых жыхароў Велля і сціплы букет палявых кветак кранаюць душу…

 Хлеб, нафта і шчасце мірнай працы

Вайна пакінула глыбокія раны на беларускай зямлі. Загойваць іх прыходзілася і потам працаўнікоў вёскі. Кандрацьевы добра памятаюць папялішчы на месцы родных і суседскіх хат, як падымалі гаспадарку.

– Як вайна кончылася, прыйшлі на голы пень! — распавядае Надзея Антонаўна. — Кругом адзін бур’ян быў. Насенне насілі аж з Грамоў! Сколькі мне было? 15 гадоў. Насыпюць пуд, і цягнеш. А назаўтра ўстаём і падымаем пар! Нада было на сабе плуг цягаць, каб узараць, пасеяць. Во якая наша жызня была! А цяпер маладыя галосяць: «Ой, а таго ж нет, і таго ж нет!» — «Знаеця, — кажу ім, — вы ня відзелі гора!»

– Так, цяжка было, — уздыхае Франц Кандрацьеў. — Як немцаў пагналі, адны азімыя былі пасеяныя. Тады ўбіралі, малацілі цапом, пранікам. Хаты ставілі нанова. Усё ж было папалена. Адстроіліся, коней папрыганялі, кароў. Калгас вастанавіўся. Я работаў ў паляводстве, потым у кладавой. А тады мяне за брыгадзіра паставілі. Плацілі мала — вывучыўся на трактарыста. I так пасля пенсіі яшчэ восем гадоў работаў. Быў у пачоце і ў калгасе, і ў раёне.

Здымак на развітанне

Працоўная біяграфія Франца Францавіча выйшла ўдарнай! Яго пінжак ўпрыгожваюць высокія ўзнагароды: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Могуць ганарыцца Кандрацьевы і трыма сынамі. Сярэдні і малодшы рупліва працуюць на зямлі. А старэйшы звязаў жыццё з Нафтаградам. Iван Кандрацьеў пайшоў на заслужаны адпачынак у 2018-м машыністам кампрэсарных установак «Гідраачысткі № 4», аддаўшы вытворчасці НПіА больш за 30 гадоў!

На развітанне мы прачыталі Францу Францавічу і Надзеі Антонаўне пра высокія ацэнкі прафесійных якасцей іх сына ў публікацыях «Весніка Нафтана». Шчаслівыя гаспадары падзякавалі нам за добрыя словы і ўвагу, а на развітанне пажадалі поспехаў у працы, а таксама любіць жыццё і цаніць мірнае неба над галавой.

Больш здымкаў з рэдакцыйнай экспедыцыі на Расоншчыну можна ўбачыць у нашым альбоме ў «ВКонтакте»

Калектыў «Весніка Нафтана» шчыра дзякуе старшыні Янкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Таццяне Калінінай і ўпраўляючай справамі сельсавета Таццяне Кандрацьевай за гасціннасць і ўсебаковую падтрымку нашага праекта!

Уладзімір ФІЛІПЕНКА
Фото: Вольга КАРАЛЬКОВА

Очень плохоПлохоСреднеХорошоОтлично (1 votes, average: 5,00 out of 5)
Loading...

Опубликовано в №:

Новое видео

Подпишитесь на Вестник Нафтана на YouTube!