Автор: Владимир Филипенко Социальная сфера

Свята, якое вярнулася

Гісторыкі Полацкага дзяржаўнага ўнiверсiтета расказваюць пра 17 верасня 1939 года

Нядаўна Беларусь упершыню адзначыла Дзень народнага ­адзінства. Что за падзея дала жыццё новаму дзяржаўнаму святу? Якое значэнне яна мае і які след пакінула ў памяці беларусаў? Адказаць на гэтыя пытанні мы папрасілі прафесіяналаў — гісторыкаў з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны самі далі нагоду для гэтага, а садружнасць ПДУ і нашага прадпрыемства у межах Наваполацкага нафтахімічнага кластара — яшчэ і добрую падставу.

Народны сход Заходняй Беларусі, кастрычнік 1939 года

Напярэдадні 17 верасня ва ўніверсітэце адбыўся круглы стол «Воссоединить белорусский народ в едином государстве…», прысвечаны Дню народнага адзінства. Яго сумесна зладзілі супрацоўнікі кафедры гісторыі і турызму гуманітарнага факультэта і юрыдычнага факультэта пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Трое ўдзельнікаў круглага стала ахвотна падзяліліся сваімі напрацоўкамі з чытачамі «Весніка Нафтана».

Намеснік рэктара ПДУ Павел Каваленка адкрывае пасяджэнне круглага стала
Аляксей РАДЗЮК, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта, кандыдат гістарычных навук:

– Пасля таго, як у 1921 годзе Рыжская мірная дамова замацавала падзел Беларусі і перадачу яе заходняй часткі Польшчы, дзеячы беларускага руху выступілі з рашучым асуджэннем гэтага пагаднення. Палажэнні яго называліся ганебнымі і варожымі для беларускай дзяржаўнасці. Мяжа прайшла па жывому целу Беларусі і па лёсам людзей, перарвала шматвяковыя сувязі. У Заходняй Беларусі разгарнуўся нацыянальна-­вызваленчы рух. Яго галоўнай злучальнай каштоўнасцю стала ідэя уз’яднання Беларусі ў ­адзінай дзяржаве.

Першапачатковыя спробы беларускіх дзеячаў весці нацыянальную справу парламенцкімі формамі барацьбы не далі плёну. Голас беларусаў і іх дэпутатаў польскім правячым класам не быў пачуты. Гэта, а таксама пачатак палітыкі беларусізацыі ў БССР і ўспрыняцце савецкай рэспублікі як беларускай дзяржавы выклікала радыкалізацыю часткі грамадства. У 1925 годзе узнікла статысячная Беларуская сялянска­-работніцкая грамада (БСРГ, Грамада), адна з самых масавых палітычных арганізацый у айчыннай гісторыі, пачаўся ўздым прасавецкага камуністычнага руху — Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).

Але ў 1926 годзе пачалося станаўленне санацыйнага рэжыму ў Польшчы, рэжыму асабістай улады Юзафа Пілсудскага. Рэп­рэсіі супраць прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху ўзмацніліся. У 1927-­м Грамаду афіцыйна забаранілі. Праз дзе­сяць гадоў польскія ўлады наогул заплюшчылі вочы на канстытуцыю і патрабаванні міжнародных пагадненняў і зрабілі стаўку на поўную ліквідацыю рухаў нацыянальных меншасцяў. У гэты ж час Камінтэрн распусціў КПЗБ. Усе арганізаваныя формы змагання ў Заходняй Беларусі былі ліквідаваныя. Але насуперак урадаваму ціску ў грамадстве па­ранейшаму захоўваўся запыт на радыкальныя перамены. Палітыка асіміляцыі (да 1939 года ў краі не засталося ніводнай беларускай школы), неспрыяльныя эканамічныя і сацыяльныя ўмовы толькі падагравалі такія настроі.

Карта ўз’яднанай Беларусі
Беласток вітае ўдзельнікаў Народнага сходу Заходняй Беларусі, кастрычнік 1939 года

Дзякуючы верасню 1939 года галоўная мэта нацыянальнага руху — аб’яднанне Беларусі — была дасягнута. З пункту гледжання аднаўлення адзінства беларускай нацыі падзея мела вельмі важнае значэнне. Гэта была агульная перамога вялікага мноства людзей, якія змагаліся за правы беларусаў у Польшчы. У беларускай частцы грамадства панавала абуджэнне. Дзеячы нацыянальнага руху горача віталі прыход Савецкай улады і актыўна ўключыліся ў працу на яе ка­рысць. Лёс іх склаўся па-­рознаму. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Алена СУМКО, дацэнт кафедры гісторыі і турызму, кандыдат гістарычных навук:

– У апошнія дзесяцігоддзі вусная гісторыя становіцца вельмі запатрабаванай. Даследчыкі спрабуюць зірнуць на мінулае вачыма ўдзельнікаў ці відавочцаў падзей, і такі падыход дапамагае стварыць чалавечае вымярэнне гісторыі. У ПДУ гэты напрамак развівае Цэнтр вуснай гісторыі і палявых даследаванняў, супрацоўнікам якога з’яўляюся і я. У 2019 годзе мы даследавалі Дзісненшчыну — мікрарэгіён з вельмі багатай гісторыяй. Дзісна стаяла з польскага боку на самай мяжы. Мясцовыя жыхары сталі першымі сведкамі таго, як 17 верасня 1939 года пайшла ў Польскі паход Чырвоная армія. На жаль, вельмі мала засталося тых, хто на свае вочы бачыў тыя падзеі. Аднак падчас экспедыцыі нам пашанцавала запісаць дэталёвы расказ ад аднаго са старажылаў Дзісны, якой на момант падзей споўнілася 10 гадоў. Бацькоўскі дом стаяў на беразе Дзвіны. Жанчына добра памятала 17 верасня 1939­-га. З вечара ў небе бачылі ракеты. Раніцай выглянулі ў акно, а там — «ваенныя са штыкамі». Чырванаармейцы прыйшлі ў хату, спыталі, хто тут жыве, забралі бацьку і кудысьці павялі. На шчасце, ён хутка вярнуўся. Казаў, што папрасілі закурыць. Пацікавіліся, дзе жывуць кулакі. Бацька нават не зразумеў, пра каго гаворка. Калі яму растлумачылі, адказаў: «Ну, тады ў нас усе кулакі!»

Беларускія сяляне на рынку ў Паставах, 1930-я гады
На дзісненскім рынку, 1930-я гады

17 верасня 1939 года для большасці насельніцтва Заходняй Беларусі стала своеасаблівым храналагічным маркёрам, які падзяліў жыццё «да» і «пасля». Безумоўна тыя, хто жылі у памежнай зоне, першымі засведчылі змены. Некаторыя згадвалі гэты дзень так: «Была нядзеля. Прыйшлі ў царкву, а там ужо чырвоныя», «Была восень, жніво».

Частка жыхароў Заходняй Беларусі пэўны час наогул магла не ведаць, што нешта адбываецца, гэта было характэрна для аддаленых вёсак і хутароў. Больш прыкметна 17 верасня прайшло для тых, хто асабіста бачыў, як на бальшаках рухалася тэхніка, ішлі калоны салдат. У рэгіёне тады і звычайных машын было небагата. А тут з Чырвонай арміяй з’явіліся танкі. Яны моцна ўражвалі дзяцей. Калі сталыя людзі вяртаюцца да гэтага фрагмента свайго дзяцінства, то вочы ў іх ад захаплення гараць.

Рэспандэнты часта згадвалі знешні выгляд чырванаармейцаў: стомленыя, у стаптаных чаравіках з абмоткамі. А вось польскія вайскоўцы, адзначалі яны, была выкшталцоныя, прыгожа апранутыя. Але гэта зусім не значыць, што на чырванаармейцаў глядзелі пагардліва ці як на чужакоў. Наадварот! Людзі расказвалі, што сустракалі Чырвоную армію ўрачыста, з кветкамі.

Перадавы артыкул “Советской Белоруссии” ад 23 верасня 1939 года

То было выяўленне шчырай радасці, спадзявання на шчаслівае жыццё. Некаторыя тлумачылі, што нават калі пры Польшчы ім жылося добра, яны былі рады вітаць чырванаармейцаў, бо бачылі ў іх «сваіх». Чаму так? Бо тыя размаўлялі «па­-простаму». Гэта не павінна здзіўляць. Чырванаармейцаў у Заходнюю Беларусь не з Сібіры адпраўлялі. Часткі фарміраваліся з усходнебеларускіх прызыўнікоў.

Безумоўна, не ўсё было так проста. Гісторыю нельга напісаць адным колерам — белым або чорным. Бо, з аднаго боку, ёсць агульнадзяржаўныя, агульнанацыянальныя інта­рэсы, а з другога — гісторыя чалавека, канкрэтнай сям’і, якая па­-свойму ўспрымала тагачасныя падзеі. Тое, што мы зараз маем, гэта фактычна дзіцячыя ўспаміны, афарбоўка якіх, безумоўна, была звязана з каштоўнасцямі ці сацыяльным вопытам, нават веравызнаннем бацькоў.

Аднак, нягледзячы на рознае ўспрыняцце, 17 верасня — дата, якая засталася ў памяці, бо фактычна з яе пачалася новая гісторыя, як казалі старажылы: «Вераснёўскія падзеі змянілі ўсё!»

Алеся КОРСАК, загадчык кафедры гісторыі і турызму, кандыдат гістарычных навук, дацэнт:

– Не адкрыю таямніцы, калі скажу, што верасень 1939 года доўгі час заставаўся на перыферыі ўвагі беларускага грамадства. Ці багата жыхары краіны ведаюць пра 17 верасня? Не думаю. Адбылося гэта па дзвюх галоўных прычынах. Па­першае, чалавечымі стратамі і гістарычным значэннем Вялікая Айчынная засланіла падзеі папярэдніх гадоў. Па­другое, дыпламатычнасць Савецкага Саюзу ў дачыненні сацыялістычнай Польшчы таксама адыграла сваю ролю ў гэтым. Варушыць мінулае і трывожыць памяць суседзяў не хацелі.

Перад удзельнікамі круглага стала выступае Алеся Корсак

Таму ў нашай грамадскай свядомасці 17 верасня прысутнічала практычна толькі ў назвах вуліц і плошчаў заходнебеларускіх гарадоў. Ніякіх помнікаў ці манументаў у гонар уз’яднання Беларусі ў 1939­-м у нас няма дагэтуль. Усё што ёсць — брацкія магілы і індывідуальныя пахаванні.

Займаючыся мемарыялізацыяй месцаў пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, так ці інакш маеш справу і з пахаваннямі 1939 года. Па афіцыйных дадзеных на 2014 год, у краіне налічваецца 13 месцаў памяці падзей 1939 года. У Брэсцкай і Мінскай абласцях — па 3 брацкія магілы, у Гродзенскай — 6, прычым чатыры з іх — змешаныя, бо там знайшлі спачын чырванаармейцы, якія загінулі не толькі ў 1939-­м, але таксама ў 1941 і 1944 гадах. Зразумела, гэта не ўсе пахаванні, бо ў час Польскага паходу на беларускай тэрыторыі страты Беларускага фронту склалі 996 чалавек забітымі, 2002 параненымі. На Віцебшчыне мы маем адно пахаванне воінаў Чырвонай арміі. У Верхнядзвінску ў самым цэнтры горада ёсць брацкая магіла, дзе пахаваныя 9 пагранічнікаў.

У 2015–2020 гадах у краіне выконвалася дзяржаўная праграма, накіраваная на ўшанаванне памяці ўраджэнцаў Беларусі, якія загінулі ва ўсіх войнах. Магчыма, колькасць пашпартызаваных месцаў пахаванняў 1939 года крыху павялічыцца. Але чакаць таго, што лічба вядомых нам пахаванняў узрасце на парадак, не выпадае. Немцы ў 1941 годзе знічшылі помнікі на брацкіх магілах. Пасля вайны не ўсе яны былі адноўленыя. Як знайсці страчанае — пытанне. Iншая праблема — спраўджванне імёнаў загінуўшых. У галоўнай крыніцы інфармацыі — базе дадзеных Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі — дакументаў па падзеях 1939-­га за малым выключэннем няма, а імянныя спісы стратаў адсутнічаюць.

Савецкая лістоўка 1939 года

Гэтымі пытаннямі праблематыка уз’яднання Беларусі не вычэрпваецца. Гісторыкам яшчэ прыйдзецца даць шмат адказаў. Але якімі б яны не аказаліся, і сёння няма сумненняў: значэнне 17 верасня 1939 года для развіцця беларускай нацыі і для нашай дзяржаўнасці нельга пераацаніць. А значыць, Дзень народнага адзінства, які ўшаноўвае гэтую дату, мы адсвяткавалі і будзем святкаваць надалей не дарма!

Фота прадастаўлена ўдзельнікамі круглага стала

Больше фото и новостей в нашем Telegram 
Смотрите наши видеоновости