Пілот «лятучага танка»

Бліскучая роля заслужанага артыста

Просмотры: 275

 

Мемарыяльны комплекс «Курган Славы» — адзін з самых велічных сімвалаў бязмежнай удзячнасці беларускага народа сваім героям­вызваліцелям. У хуткім часе месца нашай баявой славы папоўніць яшчэ адзін знакавы аб’ект. У гонар 75-­годдзя вызвалення Беларусі і 50-­годдзя стварэння мемарыяльнага комплексу Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўсталюе тут помнік франтавому штурмавіку Іл‑2. Стваралі ў свой час гэтую ваенную легенду выдатны савецкі авіяканструктар Сяргей ІЛЬЮШЫН і тысячы лётчыкаў. Сярод іх быў і Уладзімір ГУЛЯЕЎ, у недалёкім будучым Заслужаны артыст РСФСР.

Малодшы лейтэнант Уладзімір Гуляеў

Iл‑2 быў распрацаваны пад кіраўніцтвам Сяргея Iванавіча Iльюшына і запушчаны ў серыйную вытворчасць незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Галоўнай асаблівасцю магутнай машыны было тое, што геніяльны авіяканструктар вырашыў зрабіць браню самалёта нясучым элементам яго канструкцыі. Iл‑2 спалучаў небывалую абароненасць з агнявой магутнасцю і нядрэннай манеўранасцю. «Лятучы танк», як з павагай называлі яго савецкія ваяры, змагаўся з ворагам з першага да апошняга дня вайны.

Важнасць баявой машыны ўсведамлялася і першымі асобамі савецкай дзяржавы. У снежні 1941-га ў гнеўнай тэлеграме кіраўніцтву авіязаводаў Сталін пісаў: «Вы падвялі нашу краіну, нашу Чырвоную Армію. Вы дагэтуль не маеце ласку выпускаць Iл‑2. Самалёты Iл‑2 патрэбны нашай Чырвонай Арміі зараз як паветра, як хлеб».

Намаганні савецкіх авіяканструктараў і зброй­нікаў, якія працягвалі ўдасканальваць машыну і яе аснашчэнне, дырэктарата заводаў, пад чыім пачаткам вырашаліся самыя складаныя інжынерна-тэхнічныя і лагістычныя задачы, і простых працаўнікоў тылавых прадпрыемстваў далі свой плён. Было выпушчана звыш 36 тысяч «лятучых танкаў». Штурмавік і дагэтуль упэўнена ўтрымлівае першую пазіцыю сярод самых масавых самалётаў у гісторыі сусветнай вайсковай авіяцыі!

Савецкая штурмавая авіяцыя адыграла важную ролю і ў аперацыі «Баграціён», якая ўвянчалася вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Iлы» прыкрывалі свае танкавыя калоны, падаўлялі шквальным агнём варожыя артылерыйскія і мінамётныя батарэі, паралізоўвалі чыгуначныя вузлы, знішчалі жывую сілу і тэхніку гітлераўцаў. Пры атацы праціўніка, які не меў зенітнага і авіяцыйнага прыкрыцця, вораг цярпеў каласальныя страты. Як узгадваў пра сустрэчы з «іламі» адзін з нямецкіх палонных: «Пры з’яўленні савецкіх самалётаў салдаты кідалі на дарогах аўтамашыны і падводы і беглі хавацца ў лес».

У вызваленні Віцебшчыны выдатна праявіла сябе 335-я штурмавая авіяцыйная дывізія (шад), якая ўваходзіла ў склад 3-й паветранай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Спачатку яна прымала актыўны ўдзел у Гарадокскай, а потым у Віцебска-Аршанскай і Полацкай наступальнай аперацыях. У 1-й штурмавой авіяцыйнай эскадрыллі 826-га штурмавога авіяцыйнага Віцебскага ордэнаў Суворава і Кутузава палка (шап) гэтай дывізіі давялося ваяваць і вызваляць наш край адважнаму юнаку Уладзіміру Гуляеву. Прайшоўшы праз пекла ваенных выпрабаванняў, пасля Вялікай Айчыннай сваім артыстычным дараваннем ён здолеў скарыць сэрцы савецкага гледача. Вобразы лейтэнанта міліцыі Валодзі з «Брыльянтавай рукі», шафёра-куплетыста Юры Журчанкі з «Вясны на Зарэчнай вуліцы» і многія іншыя ролі і сёння выдатна памятаюць і любяць аматары добрага савецкага кіно.

Уладзіміру Гуляеву сам лёс наканаваў ­стаць вайсковым лётчыкам. Яго бацька, кандыдат гістарычных навук, падпалкоўнік Леанід Міхайлавіч, працаваў у Молатаўскай авіяшколе. У 15 гадоў Уладзімір запісаўся ў аэраклуб. Яго прыход у авіяцыю наблізіла вайна. Спачатку ён працаваў слесарам у авіямайстэрнях, а потым 17-гадовым юнаком пры спрыянні бацькі паступіў у Пермскую авіяшколу, дзе рыхтавалі лётчыкаў-бамбардзіроўшчыкаў.

Паспяхова авалодаўшы няпростай навукай пілатавання цяжкіх машын, Уладзімір пачаў вучыцца на штурмавіка. У сваёй кнізе ўспамінаў «В воздухе «илы» ён прыгадвае хваляванне, з якім маладыя лётчыкі чакалі сустрэчы з сучаснай машынай: «Да таго часу «ілы» ужо паспелі заваяваць сабе гучную славу. Гітлераўцы, паспытаўшы на сваёй шкуры баявую моц гэтага браніраванага самалёта, ахрысцілі яго «чорнай смерцю»… Уся школа віравала. То там, то тут узнікалі спрэчкі, абгаворы, меркаванні, чуткі. Але ўсе сыходзіліся на адным, што быць лётчыкам-штурмавіком і ганарова, і адказна. На «іле» усё ў тваіх руках: і самалёт, і матор, і бомбы, і гарматы, і кулямёты — літаральна ўсё!» Скончыўшы лётны курс, адразу пасля параду на Чырвонай плошчы ў Маскве 6 лістапада 1943-га 19-гадовы малодшы лейтэнант Уладзімір Гуляеў адправіўся на фронт. Як лічыцца, ён стаў самым маладым пілотам Iл‑2 Ваенна-паветраных сіл Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі!

Яшчэ да адпраўкі на першае баявое заданне Уладзімір Гуляеў праявіў нечаканае для юнага пілота майстэрства, чым заслужыў шчырую пахвалу камандзіра эскадрыллі. Пры пілатаванні ў яго цалкам спыніўся матор, але ён здолеў вывесці «ільюшу» з глыбокага віражу, перавёў яго на планіраванне, дацягнуў да аэрадрому і выдатна пасадзіў каштоўную для фронту машыну.

Баявое хрышчэнне Уладзіміра Гуляева адбылося ўжо ў небе над беларускай зямлёй. У маі 1944-га на ўчастку паміж чыгуначнымі станцыямі Гараны і Лоўша ён правёў разведку боем. Разам з таварышамі-штурмавікамі Уладзімір наводзіў жах на гітлераўцаў у раёне стратэгічна важнай станцыі Обаль. Спачатку былі паспяховыя вылеты 30 мая і 6 чэрвеня. 13 чэрвеня ў складзе групы з шасці «ілаў» прымаў удзел у яшчэ адной штурмоўцы. У прадстаўленні Уладзіміра Гуляева на ўзнагароджанне ордэнам Чырвонага Сцяга камандзір 826-га шап палкоўнік Васіль Болатаў адзначаў: «Зрабіўшы тры заходы, нягледзячы на моцны зенітны агонь праціўніка, таварыш Гуляеў скінуў бомбы ў эшалон, назіраліся 3 выбухі з чорным дымам, агнём гармат і кулямётаў расстрэльваў жывую сілу праціўніка».

Яшчэ больш маляўніча, магчыма, з разлікам на ўмацаванне баявога духу салдат і афіцэраў, пра гэты вылет пісала 29 чэрвеня 1944 года штодзённая газета «Советский сокол»: «Лётчык-камсамолец Гуляеў у першым баявым вылеце быў атакаваны трыма [знішчальнікамі — рэд.] «Фоке-Вульф‑190». Самалёт атрымаў моцныя пашкоджанні: быў разбіты руль глыбіні [вышыні — рэд.], тармазныя шчыткі, снарадам перабітыя элероны і пашкоджана правае кола шасі. Аднак Гуляеў не пакінуў поле бою. На параненай машыне ён зрабіў тры заходы на цэль, нанёс ворагу значныя страты. Адважны камсамолец прывёў «Iлью­шын‑2» на свой аэрадром, дзе па-майстэрску зрабіў пасадку на адно кола». Выразку з гэтай заметкай малады лётчык яшчэ доўга захоўваў у лётным планшэце.

У сваіх успамінах Уладзімір Гуляеў прыгадвае і памятны дзень 23 чэрвеня: «У небе яшчэ ззялі яркія зоркі, а на аэрадроме ніхто не спаў. Мы, шараговыя паветраныя салдаты, тады яшчэ не ведалі, што маючы адбыцца грандыёзны наступ у Беларусі быў названы Стаўкай аперацыяй «Баграціён». Усіх узнялі яшчэ ў дзве гадзіны. Не спалі ў гэту ноч не толькі ў нас на аэрадроме. Савецкія войскі рыхтаваліся да рашучага наступу». У наступныя некалькі дзён Уладзімір па 2-3 разы лятаў на штурмоўку войск праціўніка ў раёне станцыі Обаль і вёскі Камень на Лепельшчыне, знішчыўшы амаль два дзясяткі нямецкіх аўтамашын з грузам.

Лётчыкі 335-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі зрабілі значны ўнёсак у вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Віцебска і Полацка, а сам Уладзімір Гуляеў атрымаў за свае чэрвеньскія вылеты першую баявую ўзнагароду — ордэн Чырвонай Зоркі.

Наперадзе было яшчэ змаганне з гітлераўцамі ў Прыбалтыцы і Усходняй Прусіі, цяжкае раненне, другая Чырвоная Зорка, ордэн Айчыннай вайны I ступені і медаль «За ўзяцце Кёнігсберга». Самай высокай узнагародай для сябе Уладзімір Гуляеў лічыў магчымасць прайсці ў трыумфальным шэрагу па брукаванцы Чырвонай плошчы на Парадзе Перамогі 26 чэрвеня 1945 года.

Мужны сціплы чалавек, напэўна, не мог сабе ўявіць, што і праз 75 гадоў пасля вызвалення Беларусі не адна сотня яе грамадзян будзе бачыць пад маскай яго кінагерояў не толькі абаяльнага акцёра, але і адважнага лётчыка, які прынёс на крылах свайго легендарнага штурмавіка «Iл‑2» мір на нашу зямлю. Мы памятаем, Уладзімір Леанідавіч!

Кожны з нас можа падтрымаць ініцыятыву Федэрацыі прафсаюзаў, папоўніўшы дабрачынны рахунак.

Атрымальнік: Унітарнае прадпрыемства па матэрыяльна­-тэхнічным забеспячэнні і абслугоўванні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Дом прафсаюзаў» 220019, г. Мінск, пр-­т Пераможцаў, 21 УНП 100116931

Дабрачынны рахунак: BY20POIS31320000002800933008 Банк РКЦ № 1 ААТ «Парытэтбанк», г. Мінск, пр-­т Пераможцаў, 19 БІК POISBY2X

Прызначэнне плацяжу: па пастаўку металічнай копіі самалёта Іл‑2 з выкарыстаннем арыгінальных частак, мантаж, устаноўку і ўладкоўванне пляцоўкі пад яе ўстаноўку.

 

Уладзімір ФIЛIПЕНКА
Фото: з адкрытых крыніц

Очень плохоПлохоСреднеХорошоОтлично (3 votes, average: 4,33 out of 5)
Loading...

Опубликовано в №:

  29.06.2019
(8,6 MiB, скачали - 722)

Новое видео

Подпишитесь на Вестник Нафтана на YouTube!