Социальная сфера

Летапіс апошніх дзён вайны:

 

Напрыканцы сакавіка — напачатку красавіка 1945 года поспехам увянчаліся адразу тры наступальныя аперацыі савецкіх войск: Банска-­Быстрыцкая (30 сакавіка), Верхне-­Сілезская (31 сакавіка) і Усходне­-Памеранская (4 красавіка). Страта Верхняй Сілезіі істотна падарвала ваенна-­эканамічны патэнцыял гітлераўскай Германіі. А падзенне Гдыні (28 сакавіка) і Данцыга (4 красавіка) пазбавіла яе важныйшых партовых гарадоў з верфямі, дзе вялося будаўніцтва падводных лодак крыгсмарынэ, ваенна­-марскога флота Трэцяга рэйха.

Танкісты перад боем у ваколіцах Данцыга, красавік 1945 г.

Набліжаліся вырашальныя падзеі Усходне-Прускай стратэгічнай наступальнай аперацыі (13 студзеня — 25 красавіка). Перш чым непасрэдна перайсці да штурму Кёнігсберга, вой­скі 3-га Беларускага фронта з 2 па 5 красавіка правялі працяглую артпадрыхтоўку, якая была павінна пашкодзіць доўгачасовыя абарончыя збудаванні ворага.

У межах Венскай стратэгічнай наступальнай аперацыі (16 сакавіка — 15 красавіка) часткі 2-га Украінскага фронта 30 сакавіка вызвалілі славацкі горад Комарна. Напачатку красавіка імклівы наступ савецкіх войск працягваўся. Ударная групоўка 3-га Украінскага фронта авалодала гарадамі Шопран і Вінэр-Нойштат і, сходу прарваўшы ўмацаванні на аўстра-венгерскай граніцы, з поўдня і паўднёвага ўсходу выйшла на подступы Вены.

Савецкія воіны на вуліцах вызваленай Браціславы, красавік 1945 г.

За першыя дзесяць дзён Браціслаўска-Брноўскай наступальнай аперацыі (25 сакавіка — 5 мая) сілы 2-га Украінскага фронта вызвалілі некалькі дзясяткаў населеных пунктаў. Але галоўныя падзеі разгортваліся ў гэты час вакол Браціславы. 1 красавіка савецкія войскі выйшлі на подступы славацкай сталіцы. Праціўнік падрыхтаваў горад да абароны: стварыў шматлікія жалезабетонныя агнявыя кропкі, супрацьтанкавыя равы, мінныя палі, а на вуліцах пабудаваў барыкады і іншыя перашкоды. На наступны дзень пачаўся штурм. Увечары 4 красавіка савецкія войскі цалкам авалодалі горадам. З боку Браціславы таксама адкрыўся прамы шлях на Вену.

Да Вялікай Перамогі заставалася 34 дні…