Дарогі вайны гвардзейца Канстанціна Герасіменкі

кароткая перадгісторыя аднаго фота

Просмотры: 226

У сямейным архіве заслужанага ветэрана ААТ «Нафтан» Мікалая Герасіменкі як самая дарагая рэліквія захоўваецца фотакартка бацькі, датаваная 18 мая 1945 года. Гвардыі старшы сяржант Канстанцін Мікалаевіч Герасіменка зняўся на памяць з баявымі таварышамі ў вызваленай Рызе. Прайшло амаль 75 гадоў і каштоўны здымак «загаварыў».

Гвардыі старшы сяржант Канстанцін Герасіменка (у цэнтры) з баявымі таварышамі

У лютаўскім нумары «Весніка Нафтана» Мікалай Герасіменка падзяліўся з нашымі чытачамі гісторыяй свайго жыцця. Распавёў ён і пра бацьку-­франтавіка, які трагічна загінуў па дарозе дадому. Сярод фотакартак, што паказаў Мікалай Канстанцінавіч, быў і памятны рыжскі здымак. Мы дамовіліся, што прыберажэм яго для публікацыі ў матэрыяле да 75­-годдзя Вялікай Перамогі.

Здавалася, што гэта будзе фотафакт з удзелам «прабацькі» вядомай нафтанаўскай дынастыі. Жыццё Канстанціна Мікалаевіча, на жаль, абарвалася вельмі рана, таму звесткі пра яго франтавы шлях аказаліся вельмі абмежаванымі: у грозныя перадваенныя гады праходзіў падрыхтоўку ў вучэбнай кулямётнай роце, ваяваў з лета 1941-га, быў зенітчыкам, дайшоў да Берліна.

Дзякуючы інтэрнет­-парталу «Память народа» мы паспрабавалі спраўдзіць гэтыя звесткі і знайшлі некалькі цікавых дакументаў. Так, у снежні 1942 года старшы гарматны майстар, старшы сяржант, сібірскі беларус Канстанцін Герасіменка быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». Ён праявіў ініцыятыву і пад ураганным агнём праціўніка вывез трафейную зброю і боепрыпасы. На наступны дзень з адрамантаваных Канстанцінам Мікалаевічам гармат — у мірным жыцці гарматны майстар працаваў кавалём і шафёрам — быў збіты варожы самалёт.

Другую ўзнагароду Канстанцін Герасіменка заслужыў восенню 1944­-га пры прарыве абароны праціўніка ў раёне Iецава­-Баўска (Латвія). У прадстаўленні на ордэн «Залатая Зорка» гэта апісваліся так. Варожая авіяцыя пашкодзіла два кулямёты ДШК. Пад агнём гітлераўцаў старшы гарматны майстар 717­-га зенітнага артылерыйскага палка 46­-й артылерыйскай зенітнай дывізіі Рэзерва Галоўнага Камандавання (РГК) 1­-га Прыбалтыйскага фронта Канстанцін Герасіменка хутка аднавіў няспраўнасць. На жаль, замест «Залатой Зоркі» гвардзейцу ўручылі другі медаль «За баявыя заслугі».

Як можна меркаваць, скончылася вайна для старшага гарматнага майстра не ў Берліне, а ў Латвіі, дзе сілы 1-­га Прыбалтыйскага ўзялі ў кацёл Курляндскую групоўку вермахта. Вораг спыніў супраціўленне толькі праз некалькі дзён пасля капітуляцыі Германіі. Менавіта таму Канстанцін Герасіменка і мог апынуцца ў Рызе ў сярэдзіне мая.

Але самае галоўнае, гісторыя 46­-й артылерыйскай зенітнай дывізіі РГК сведчыць пра тое, што Канстанцін Мiкалаевiч вызваляў Сіроціна (Шуміліна), Улу, Ветрына і Полацк! А значыць, пралогам працоўнай славы на Полацкай зямлі прадстаўнікоў нафтанаўскай дынастыі Герасіменка стаў пераможны баявы шлях іх бацькі і дзеда — гвардыі старшага сяржанта Канстанціна Герасіменкі.

Уладзімір ФІЛІПЕНКА

Очень плохоПлохоСреднеХорошоОтлично (1 votes, average: 5,00 out of 5)
Loading...

Опубликовано в №:

  11.04.2020
(3,9 MiB, скачали - 617)

Новое видео

Подпишитесь на Вестник Нафтана на YouTube!