Быў заўжды сярод першых

Просмотры: 318

Задумваючы спецыяльны праект у гонар 75-­годдзя Вялікай Перамогі, мы, безумоўна, разлічвалі на прыемныя нечаканасці і маленькія адкрыцці. Але першая публікацыя, трэба шчыра прызнацца, пераўзыходзіць нашы самыя смелыя спадзяванні. У святочны фотааб’ектыў патрапіў знакаміты наваполацкі нафтаперапрацоўшчык!

Аляксей Лугавы (крайні справа) з баявымі таварышамі, 1945 г.

На здымку чацвёрка маладых, прыгожых, шчаслівых. Скончылася вайна. Хутка будзе дарога дадому. На жаль, мы ведаем толькі аднаго з воінаў-пераможцаў. Таго, чый дзіўнага крою мундзір упрыгожвае добра пазнавальная польская дзяржаўная ўзнагарода — Сярэбраны крыж Заслугі.

Магчыма, завадчане першага пакалення ўжо пазналі яго. Сапраўды, бравы сяржант — гэта Аляксей Лугавы! Той самы старшы аператар, які ў памятным лютым 1963-га запаліў першую пускавую фарсунку печаў устаноўкі АВТ‑1!

Але да перамог у мірнай працы, дарэчы, адзначаных Ордэнам Леніна, Аляксей Фёдаравіч прайшоў праз агонь Вялікай Айчыннай. Прыпісаўшы сабе лішні год, у 1943-м юнак адправіўся з роднага Усінска (зараз Рэспубліка Комі, Расія) біць ворага. Юнага сувязіста пасля кароткага курса падрыхтоўкі накіравалі… у 1-ю польскую пяхотную дывізію імя Тадэвуша Касцюшкі (гэтае падраздзяленне фарміравалася і за кошт савецкіх вайсковых кадраў). Баявое хрышчэнне Аляксея і яго братоў па зброі адбылося ў пачатку кастрычніка на Магілёўшчыне ў жорсткай бітве пад сялом Леніна.

Потым у складзе 1-й арміі Вой­ска польскага Аляксей Лугавы вызваляў ад гітлераўскай нечысці Польшчу. Скончыў вайну ён вясной 1945 года ў Чэхаславакіі, дзе, відавочна, і быў зроблены гэты памятны фотаздымак.

Аляксея Фёдаравіча не стала ў 1977-м. 13 сакавіка 2020-га, ён мог бы адзначыць сваё 95-годдзе. Пра гэтую дату нам таксама варта памятаць. Cёння справу Аляксея Лугавога працягваюць на «Нафтане» яго ўнукі. Але гэта ўжо іншая гісторыя…

Уладзімір ФІЛІПЕНКА
Фото: з дамашняга фотаархіва сям’і Есялёнак

Очень плохоПлохоСреднеХорошоОтлично (2 votes, average: 5,00 out of 5)
Loading...

Новое видео

Подпишитесь на Вестник Нафтана на YouTube!